| ГАЛОЎНАЯ | БIЯГРАФIЯ | МАЙСТЭРСТВА КОЛАСА | ЯКУБ КОЛАС - ПЕДАГОГ | КРЫНIЦА НАТХНЕННЯ | | ЛIТАРАТУРНЫЯ СУВЯЗI | У СКАРБОНКУ ЛIТАРАТАРА | РЭСУРСЫ IНТЭРНЭТ | РАДАВОД ЯКУБА КОЛАСА | |
Радавод Я. Коласа мала вывучаны: яго продкі былі прыгонныя сяляне, не ўсе валодалі пісьменнасцю, не пакінулі пасля сябе сямейных запісаў альбо фотаздымкаў. Больш-менш акрэслена па гэтым радаводзе можна арыентавацца па так званых "рэвізскіх сказках" 1858 г. ("рэвізскія сказкі" - імянны пералік насельнікаў паселішча ці асобных двароў). Гэтыя дакументы сведчаць, што продкі Я. Коласа належалі князям Радзівілам. Нясвіжская ардынацыя (ад лац. кірую) князёў Радзівілаў лічылася непадзельнай і неадчужальнай уласнасцю іхняга роду і пераходзіла ў спадчыну да старэйшых нашчадкаў па мужчынскай лініі. Ардынацыя была ўтворана ў XVII ст. У канцы XIX ст. мела звыш 150 тысяч дзесяцін зямлі, 8 гарадоў і мястэчак, да 150 маёнткаў і фальваркаў, 8 лясніцтваў, дзе было каля 60 тысяч дзесяцін лесу. 3 вывучэння архіўных дакументаў, метрычных кніг былога Мікалаеўскага касцёла вядомыя прапрадзед Я. Коласа Лявон Міцкевіч (пахаваны ва ўзросце 41 года на мікалаеўскім парафіяльным могільніку ў 1797-м) і прапрадзед з боку маці Ігнась Лёсік, сын якога Язэп (прадзед) нарадзіўся ў 1791-м, а таксама вядомыя імёны бабулі Я. Коласа па бацькоўскай лініі (Домна, -прыкладна 1796 г.н.), яе сына, г.зн. Коласавага дзеда (Казімір Міцкевіч, 1821 г.н.), яго жонкі (Ганна, таксама з 1821 г.н.). Бацька Міхаіл нарадзіўся ў Мікалаеўшчыне прыкладна ў 1855 г., сярод братоў быў трэцім па ліку. Дзед па матчынай лініі - Юры Лёсік (з той жа Мікалаеўшчыны, прыкладна з 1837 г.н.) бабуля - Крыстына, з 1838 г.н., іхняя дачка, маці Я. Коласа Ганна Юр'еўна, пабачыла свет прыкладна ў 1857 годзе. Коласава Мікалаеўшчына ўпамінаецца з 1555 г. (называецца трэці па ліку яе ўладальнік - значыць, паселішча ўзнікла значна раней). У выданнях за 1876 г, незадоўга да нараджэння Я. Коласа, пазначана, што ў Мікалаеўшчыне на той час было каля 640 душ, перабудаваная з касцёла праваслаўная царква. Паколькі яго бацька служыў лесніком у Радзівілаў, то, ажаніўшыся ў 1878-м, спачатку жыў у роднай вёсцы (там нарадзіліся сын Уладзя, 1878; і Алесь, 1880), а пасля мусіў пакінуць родную вёску і жыць з сям'ёй там, куды яго пасылалі. Вось у Акінчыцах, што некалі былі пры вёсцы каля дарогі са Свержаня ў Мікалаеўшчыну, а цяпер у межах Стоўбцаў 3 лістапада 1882 года і пабачыў свет яго трэці сын, Кастусь Міцкевіч. У сям'і Міхала Казіміравіча і Ганны Юр'еўны было 13 дзяцей (чацвёра з іх памерлі ў юным узросце), разам з многімі з іх будучы песняр вандраваў па прылеглых да Мікалаеўшчыны ваколіцах - Ластку, Альбуці, Стаўпецкай лясной каморы, Смольні, дзе памагаў маці і дзядзьку Антосю па гаспадарцы, гадаваць малодшых братоў і сясцер і з 1890-га пачынае зімой вучыцца ў вандроўных на-стаўнікаў, так званых "дарэктараў". (матэрыял для гэтага разделу ўзяты з сайту "Архивы Беларуси" http://archives.gov.by/index.php?id=949930) |
|||
Запіс у метрычнай кнізе Мікалаеўскага рыма-каталіцкага касцёла аб нараджэнні і хрышчэнні Мікалая Міцкевіча (прадзеда Я. Коласа).
|
Запіс у метрычнай кнізе Мікалаеўскага рыма-каталіцкага касцёла аб нараджэнні і хрышчэнні Казіміра Міцкевіча (дзеда Я.Коласа).
|
Рэвізская сказка вёскі Мікалаеўшчына Мінскага павета Мінскай губерні, дзе згадваецца сям'я Мікалая Міцкевіча (прадзеда Я. Коласа).
|
|
Рэвізская сказка вёскі Мікалаеўшчына маёнтка Паздзержыцы Мінскага павета Мінскай губерні,
дзе пад № 25 згадваецца сям'я Казіміра Міцкевіча (дзеда Я. Коласа), у тым ліку Міхал Міцкевіч (бацька Я. Коласа).
|
|
Рэвізская сказка вёскі Мікалаеўшчына маёнтка лясніцтва Арцюхоўскае Мінскага павета Мінскай губерні,
дзе пад № 10 згадваецца сям'я Матэвуша Лосіка (Лёсіка) (дзеда Я. Коласа), у тым ліку Ганна Лосік (Лёсік) (маці Я. Коласа).
|
|
Кніга запісаў даходаў і расходаў ад выкарыстання лясных надзелаў,
дзе маюцца звесткі пра гаспадарчую дзейнасць Казіміра Міцкевіча (дзеда Я. Коласа).
|
|
Службовы фармуляр лясной варты Акінчыцкага лясніцтва князя Радзівіла,
дзе пад № 12 пазначаны вартаўнік Міхал Міцкевіч (бацька Я. Коласа).
|
| ГАЛОЎНАЯ | БIЯГРАФIЯ | МАЙСТЭРСТВА КОЛАСА | ЯКУБ КОЛАС - ПЕДАГОГ | КРЫНIЦА НАТХНЕННЯ | | ЛIТАРАТУРНЫЯ СУВЯЗI | У СКАРБОНКУ ЛIТАРАТАРА | РЭСУРСЫ IНТЭРНЭТ | РАДАВОД ЯКУБА КОЛАСА | |