КНIЖНАЯ ВЫСТАЎКА

да 140-годдзя з дня нараджэння паэта
ГАЛОЎНАЯ :  РАЗДЗЕЛЫ ВЫСТАЎКI :  ЛIТАРАТУРА :  IЛЮСТРАЦЫI :  ПРА ЯНКУ КУПАЛУ :  З ДУМКАЙ ПРА БЕЛАРУСЬ


Нельга ўявіць беларускі народ без такой велічнай постаці, як Янка Купала.
Якуб Колас
Янка Купала - народны паэт, геніяльны пясняр нашай сучаснасці, непаўторны талент, у якім увасобіў беларускі народ усю сілу і прыгажосць свайго паэтычнага духу, сваёй глыбокай чалавечнасці, сваёй мудрай філасофіі, сваёй любві да жыцця і веры ў лепшую будучыню чалавека.
М. Лынькоў
Паэзія Янкі Купалы - гэта не проста добрыя высокамастацкія вершы. Гэта - апрача ўсяго - своеасаблівая гісторыя жыцця беларускага народа з яго норавамі і звычаямі, з яго думамі і спадзяваннямі, з яго барацьбой і парамогай.
М. Ісакоўскі
Паэзія Купалы - гэта квітнеючы і чароўны сад, дзе сабраны водар беларускай зямлі.
Якуб Колас
Лірык па складу свайго выдатнага таленту, пясняр Беларусі, які выявіў сэрца яе з незвычайнай сілай, ён усёй сваёй паэтычнай сутнасцю як бы сімвалізаваў творчую магутнасць народа.
А. Твардоўскі
Янка Купала - гэта першая з вяршынь беларускага Эльбруса паэзіі. Магутная яна і чыстая і высокая. Высокая, бо матывамі сваімі праўдзівая. Чыстая, бо мілагучная і майстэрская, а магутная, бо заўсёды была яна з народом.
Паўло Тычына
… Цяжка, ды і немагчыма ўявіць нас, беларусаў, без Янкі Купалы. Ён наш буквар і энцыклапедыя, песня і сумленне.
А. Пысін



Род Янкі Купалы паходзіў з дробнай беззямельнай і таму вечна беднай шляхты. Яго сапраўднае імя і прозвішча Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Псеўданім ён выбраў сабе, несумненна, у гонар старажытнага славянскага боства Купалы. Дата нараджэння падказала яму зрабіць гэты выбар. Нарадзіўся ён амаль на купальскае свята - 7 ліпеня 1882 г. у самым цэнтры Беларусі, пад Мінскам, у фальварку Вязынка. З-за частых пераездаў будучаму паэту не прыйшлося стала наведваць школу ў якім-небудзь адным месцы. Ён актыўна займаецца самаадукацыяй. У 1898 г. закончыў Бяларуцкае народнае вучылішча. У 1902 г. здарылася няшчасце, памёр бацька. Ясь - старэйшы з семярых дзяцей - застаецца за гаспадара. Каб карміць сям'ю, даводзіцца не толькі працаваць на гаспадарцы, але таксама шукаць работу ў іншых месцах - на пасадзе хатняга настаўніка, пісара ў судовага следчага і інш.

Па ўспамінах паэта, ён пачаў пісаць у 1903 ці 1904 г. Першыя творы былі напісаны па-польску. 15 мая 1915 г. у Мінскай газеце "Северо-Западный край" быў надрукаваны першы верш Я. Купалы "Мужык". Дзень гэты мы адзначаем звычайна як пачатак літаратурнай творчасці вялікага нацыянальнага паэта.

У 1909 г. паэт едзе ў Пецярбург на агульнаадукацыйныя курсы Чарняева. Пецярбургскі перыяд жыцця (1909-1913) быў для Купалы часам ягонага творчага ўзлёту. Менавіта ў Пецярбурзе былі напісаны многія выдатныя творы Купалы, якія сталі вехамі ў развіцці беларускай літаратуры. У 1913 г. Купала вяртаецца ў Беларусь і становіцца рэдактарам-выдаўцом беларускага выдання "Наша ніва". У 1915 г. ён вучыцца ў Народным універсітэце імя А. Л. Шаняўскага ў Маскве. Тут ён жэніцца з Уладзіславай Станкевіч і па часе пераязджае ў Мінск.

У сярэдзіне 20-х гадоў Янка Купала стаў прызнаным лідэрам беларускай паэзіі. У 1925 г. шырока адзначаецца 20-годдзе літаратурнай дзейнасці Купалы. Паэту надаецца званне народнага паэта Беларусі.

У 30-я гады Купала рэдка і мала пісаў. Не трэба забываць і аб жорсткіх ідэалагічных шорах, у якіх развівалася літаратура ў 30-х гадах - часе росквіту культу асобы. Многія беларускія пісьменнікі былі рэпрэсіраваны. Над самім паэтам пастаянна вісеў дамоклаў меч расправы.

У Вялікую Айчынную вайну жыў у Маскве, потым у Пячышчах каля Казані. 28 чэрвеня 1942 г. яго жыццё трагічна абарвалася у Маскве у гасцініцы "Масква" пры нявыясненых акалічнасцях. У 1962 г. урна з прахам Купалы перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.

Далёка ў свеце вядома цяпер імя славутага сына беларускай зямлі Янкі Купалы. Купалава песня назаўсёды засталася ў памяці народнай. Назаўсёды застанецца ў памяці і высакародны воблік народнага паэта.


ГАЛОЎНАЯ :  РАЗДЗЕЛЫ ВЫСТАЎКI :  ЛIТАРАТУРА :  IЛЮСТРАЦЫI :  ПРА ЯНКУ КУПАЛУ :  З ДУМКАЙ ПРА БЕЛАРУСЬ